ЗАХО́ДНІ БЕРЛІ́Н

(West Berlin),

асобная палітыка-адм. адзінка (анклаў) на тэрыторыі ГДР у 1949—90. Пл. 480 км2. Быў падзелены на 12 гар. раёнаў. Нас. 1,9 млн. чал. (1987). Утвораны пасля 2-й сусв. вайны на тэр. З акупац. сектараў Берліна (амер., брыт., франц.).

23.6.1948 на З.Б. пашырылася грашовая рэформа, праведзеная ў Зах. Германіі. У адказ на гэта 24.6.1948 СССР перакрыў дарогі з Берліна на захад і ўстанавіў блакаду З.Б. (працягвалася 324 дні). Увесь гэты час жыццядзейнасць З.Б. праз «паветраны мост» забяспечвала авіяцыя зах. саюзнікаў.

5.12.1948 у З.Б. праведзены выбары ў гар. парламент, 1.10.1950 прынята асобная заходнеберлінская канстытуцыя. У 1961 па рашэнню ўрада ГДР узведзена сістэма ўмацаванняў уздоўж мяжы З.Б. (гл. Берлінская сцяна). У 1971 прынята 4-баковае пагадненне, якое ўрэгулявала статус З.Б. як асобнай паліт. адзінкі. Органы ўлады Б.З. былі падкантрольныя ваен. адміністрацыі акупац. улад. Вышэйшы орган — гар. палата дэпутатаў, выбіраўся на 4 гады, выканаўчую ўладу ажыццяўляў сенат на чале з бургамістрам. З.Б. быў буйным прамысл. цэнтрам — (маш.-буд., эл.-тэхн., хім.-фарм., харч., швейная прам-сць), асн. знешнегандлёвы партнёр — ФРГ. Пасля аб’яднання ГДР і ФРГ (3.10.1990) асобны статус З.Б. скасаваны, абедзве ч. Берліна зліліся.

Літ.:

Абрасимов П.А. Западный Берлин: вчера и сегодня. М., 1980.

т. 7, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)